АДВЕНТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

заносныя расліны, ненаўмысна занесеныя ў пэўны рэгіён чалавекам або прыродным шляхам (вада, вецер, міграцыі жывёл, птушак і інш.) віды раслін, якія ў ім прыжыліся. Заносу садзейнічаюць гандаль с.-г. прадукцыяй (зернем, бавоўнай, воўнай), інтэнсіўны транспартны абмен, перасяленне людзей і інш. Адвентыўныя расліны могуць выцясняць абарыгенныя віды, парушаць структуру біягеацэнозаў, супраць пашырэння асобных з іх (небяспечнае пустазелле) прымаюць меры каранціну. У флоры Беларусі больш за 100 відаў адвентыўных раслін. З Еўропы занесены авёс шчаціністы, палявічка малая, з Амерыкі — купалка аднагадовая, аксамітнік сіняваты, галінзога драбнакветная, аксамітнік адкінуты, з Азіі — грэчка татарская, торбачнік палявы, аксамітнік хвастаты і інш.; з Афрыкі — лебяда пахучая.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)